Навіны

Мікола Дзядок: Наступ на анархістаў ідзе па многіх франтах

Былы палітвязень і прадстаўнік анархічнага руху Мікола Дзядок распавёў пра “справу Паліенкі” і ціск на анархістаў. 

Як вядома, былому палітвязню Зміцеру Паліенку, які быў затрыманы 20 сакавіка, выстаўлена абвінавачанне на падставе некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), распальванне іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130), а таксама апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341).

Зараз актывіст анархісцкага руху знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Мікола Дзядок: Міліцыя, відаць, захацела ізаляваць аднаго з самых актыўных анархістаў, які ім муляў вока. Гэта было вырашана зрабіць радыкальным метадам, скарыстаўшыся побытавым выпадкам, калі Зміцер быў вымашаны самаабараняцца ад п’янага чалавека.

На мой погляд, пра крымінал тут казаць не выпадае хаця б таму, што нават з пункта гледжання закона максімум на што цягне гэтае правапарушэнне – гэта адміністрацыйнае пакаранне за дробнае хуліганства.

У Курапатах, дарэчы, быў абсалютна аналагічны выпадак. Аднаму з абаронцаў Курапатаў брызнулі ў вочы газам з балончыка і той, хто гэта зрабіў, атрымаў штраф у памеры 2 базавых велічынь. А супраць Паліенкі ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле, які прадугледжвае рэальны тэрмін зняволення. Атрымліваецца, калі ты маеш дачыненне да анархісцкага руху, то табе і самаабараняцца нельга.

РР: Ціск на анархістаў у краіне працягваецца?

Мікола Дзядок: Безумоўна, і гэта праяўляецца не толькі ў выпадку са Змітром Паліенкам. І прымеркавана не толькі да нейкіх знакавых падзей, як, скажам, Еўрапейскія гульні, што пройдуць у чэрвені ў Менску. Наступ ідзе пастаянна і па многіх франтах. У Інтэрнэце ствараюцца старонкі, дзе пішуць агідныя рэчы пра актывістаў анархічнага руху, пра іх сем’і, праводзяцца вобшукі.

Напрыклад, у Брэсце не так даўно анархісты расклеілі першаймайскія ўлёткі, пасля чаго да іх адразу прыйшлі з вобшукамі. Былі “маскі-шоу” і ў Брэсцкай вобласці. Адным словам, у Беларусі анархісты жывуць у рэжыме ціску “нон-стоп”. І, паўтаруся, я не схільны звязваць гэтыя падзеі з тым, што набліжаюцца Еўрапейскія гульні альбо выбары. Людзей прэсуюць толькі за тое, што яны прытрымліваюцца анархічных поглядаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларусмкае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/mikola-dzyadok-nastup-na-anarkhistau-id/

29.05.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

праваабарончыя сайты