Навіны
Пра што будуць казаць у Лынтупах?
На гэтым тыдні ў Беларусі працуе місія кансультацыйнай службы МАГАТЭ па пытаннях уліку і кантролю ядравых матэрыялаў (ISSAS). Гэтая місія завершыць свой візіт 31 траўня.
Заяўлена, што эксперты місіі на чале з Уладзімірам Сізарам вывучаць арганізацыю сістэмы ўліку і кантролю ядравых матэрыялаў у Беларусі, прававыя аспекты гэтай працы, ліцэнзійныя патрабаванні ў галіне выкарыстання атамнай энергіі і крыніц іанізавальнага апраменьвання, арганізацыю нагляду.
Місія за гэты тыдзень павінна наведаць АЭС у Астраўцы, а таксама цэлы шэраг адпаведных дзяржаўных навуковых установаў у Менску.
Па інфармацыі МАГАТЭ, місія кансультацыйнай службы па дзяржаўных сістэмах уліку і кантролю ядравага матэрыялу (Safeguards Advisory Service Mission, ISSAS) ахоплівае ўсе аспекты гарантый, пытанні экспартнага кантролю, вядзення ўліку ядравага матэрыялу і прадстаўлення справаздачнасці пра яго.
Запыт на правядзенне місіі ISSAS у Беларусі быў накіраваны ў сакавіку 2018 года ад імя МНС Беларусі.
Візіт місіі МАГАТЭ асвятляецца ў медыях вельмі павярхоўна, інфармацыі досыць мала.
Тым часам з неафіцыйных крыніц стала вядома, што неўзабаве, 6 чэрвеня, у мясцовасці Лынтупы Пастаўскага раёну, што па суседстве з Астравецкім раёнам, адбудзецца інфармацыйны сход. Афіцыйна паведамляецца, што ў геалагічным радовішчы “Вінцэнтаўскае” плануецца распрацоўка і здабыча пяску і гравію. “Зялёныя” актывісты выказваюць трывогу, што такая распрацоўка істотна пагоршыць мясцовую экалогію.
Аднак выказваецца і версія, што пад Лынтупамі будзе стварацца ядравы могільнік, дзе будуць захоўвацца ядравыя адкіды з Астравецкай АЭС. Гэтая мясцовасць знаходзіцца вельмі блізка ад Нацыянальнага парку “Нарачанскі” і ад суседняй дзяржавы Літвы.
Дакладнай афіцыйнай інфармацыі пра тое, дзе будзе знаходзіцца могільнік для ядравых адкідаў Астравецкай АЭС дагэтуль няма.