Навіны

Сяргей Верамеенка: міліцыя ігнаруе хуліганства

Гарадзенскі вядомы грамадска-палітычны актывіст Сяргей Верамеенка, сябра БХД, атрымаў адказ на сваю заяву па факце пашкоджання ягонага планшэтнага кампутара спадаром Сяргеем Барэйшам, які гандлюе на вуліцы Гародні ў тым ліку і партрэтамі Сталіна і Пуціна.

Каб зафіксаваць гэты факт для абнародвання яго праз сацсеткі, Сяргей Верамеенка хацеў зняць працэс гандлю Пуціным на свой планшэт, але Барэйша чамусьці не захацеў ганарыцца сваім рамяством на відэа, а падскочыўшы разам з сваім суседам па гандлёвым месцы да актывіста, схапіў планшэт і пашкодзіў яго.

– Я выклікаў міліцыю, – тлумачыць Сяргей Верамеенка. – Пакуль прыехаў участковы міліцыянт маёр Лукашык прайшло не менш за дзве гадзіны. У службовым УАЗіку ён прыняў заяву і па маім патрабаванні ўзяў у мяне планшэт на экспертызу, бо там адбілася ўся далонь Барэйшы з усімі адбіткамі пальцаў, так што гэта было бачна неўзброеным вокам. І што само па сабе яшчэ і пацвярджала, з якой сілай Барэйша сціснуў планшэт, каб яго наўмысна пашкодзіць. На мае словы не чапаць планшэт, бо яго можна зламаць, Барэйша адказаў, што "зламаю і скажу што так і было!".

 Але адказ, які атрымаў актывіст з міліцыі, утрымлівае толькі інфармацыю, што па яго заяве праведзеная праверка і справа спыненая ў сувязі з адсутнасцю склада правапарушэння. І прапаноўваецца звярнуцца Сяргею Верамеенку да Барэйшы, ды ўрэгуляваць спрэчку да судовага разбіральніцтва з мэтай кампенсацыі матэрыяльных страт.

– У першую чаргу я хацеў, каб міліцыя выкарыстала відэа з планшэта, каб пацвердзіць факт хуліганскага нападу на мяне і факт пашкоджання маёмасці. Але відэа знікла не толькі з планшэту, але, як сказаў участковы, і на відэакамерах, што на вуліцы, нічога разабрацца па факце пашкоджання планшэту не ўдалося. Я законна захацеў азнаёміцца з матэрыяламі справы, бо мяне нават аніводнага разу не запрасілі на размову, але мне адказалі, што заяву наконт гэтага яны будуць разглядаць да 15-ці дзён, прадугледжаных заканадаўствам. Пры тым абскардзіць той адказ, які я атрымаў зараз з міліцыі, я магу ў 10-ці дзённы перыяд. Як зліквідаваць недахоп гэтых пяці дзён, я хацеў спытаць у маёра Лукашыка, званіў яму нават на мабільны, але цягам дзесяці дзён вылавіць яго так і не змог.

Пасля таго як Сяргей Верамеенка зразумеў, што свайго ўчастковага яму знайсці бліжэйшым часам не атрымаецца, ён збіраецца абскарджваць дзеянні міліцыі ў пракуратуру і іншыя інстанцыі.

А ўвогуле не збіраецца кідаць гэтай справы, а ў разе неабходнасці дайсці з ёй праз суды ажно да міжнародных інстанцый. Бо айчынная міліцыя, па ўсім выглядае так, не збіраецца прыцягваць да адказнасці чалавека, за якім стаяць Сталін і Пуцін.

Хай сабе нават намалёваныя.

Архіў

Чэрвень 2019
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты