Навіны

120 гадоў з дня нараджэння Міколы Чарнецкага

Беларускі педагог, публіцыст, палітычны дзеяч Мікола Чарнецкі нарадзіўся 22 траўня 1899 года ў вёсцы Малыя Азяранкі (Ваўкавыскі раён). Паходзіў з сялянскай сям’і. Лёс гэтага чалавека быў вельмі трагічным.

Вядома, што ў 1918 годзе Мікола Чарнецкі скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Да 1921 года знаходзіўся ў бежанстве ў Расіі, дзе загінула ўся яго сям’я. З 1923 года Чарнецкі навучаўся ў Празе, скончыў Пражскі ўніверсітэт са ступенню доктара філасофіі ў 1929 годзе. Адзін з сябраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у 1923-29 гадах уваходзіў у Замежнае бюро БПСР у Празе. Уваходзіў у Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў. З гэтай арганізацыі выйшлі такія ведамыя беларускія дзеячы як Міхал Вітушка, Мікалай Шкялёнак, Вітаўт Тумаш, Станіслаў Станкевіч.

У 1929 годзе Чарнецкі вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, працаваў настаўнікам беларускіх гімназіяў у Радашковічах і Клецку. Ён выкладаў гісторыю і геаграфію Беларусі. За свае шырокія веды хутка здабыў ад вучняў павагу. Чарнецкі не толькі дасканала ведаў свае прадметы, але быў знаўцам літаратуры і філасофіі. Акрамя польскай і беларускай моваў, вольна валодаў чэшскаю, ведаў латынь. Не застаўся незаўважаны і яго беларускі патрыятызм. Паміж сабою гімназісты не раз гаварылі: “Пан прафесар цалкам закаханы ў Беларусь”. Гэта былі словы ўдзячнасці і пахвалы. Акрамя штодзённых заняткаў, Чарнецкі кіраваў паседжаннямі літаратурнага гуртка. На жаль, яго педагагічны талент не паспеў раскрыцца ў поўнай ступені. У 1931 годзе ўлады Польшчы закрылі Клецкую гімназію. Праз год была ліквідавана настаўніцкая семінарыя ў Вільні, а яшчэ пазней – гімназія ў Наваградку. У тых умовах Мікола Чарнецкі пераехаў у Вільню. Быў сябрам Беларускага Навуковага Таварыства, разам з аднадумцамі выдаваў грамадска-палітычны часопіс “Золак”. Толькі пасля верасня 1939 года зноў змог вярнуцца да настаўніцтва.

У 1939 годзе Мікола Чарнецкі прызначаны савецкай уладаю дырэктарам школы ў Крынках. З 1940-га – кіраўнік асветы Крынкаўскага раёну. Неўзабаве трапіў пад пераслед саветаў. Арыштаваны НКВД БССР, але ўцёк з-пад арышту. У час нямецкай акупацыі адмовіўся ад супрацы з гітлераўцамі, працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Беластоку, быў удзельнікам беларускага нацыянальнага падполля.

На пачатку студзеня 1944 года ўзброеная группа акаўцаў напала на дом сястры Міколы Чарнецкага і забрала настаўніка з сабой. Толькі праз некалькі тыдняў яго цела, са слядамі жорсткіх катаванняў, было знойдзена ў адной з вёсак непадалёк Беластоку. Беларускага настаўніка пахавалі на беластоцкіх праваслаўных могілках. На таблічцы ўказана дата смерці: 19 студзеня 1944 г. Так загінуў адзін з найбольш таленавітых выкладчыкаў Клецкай беларускай гімназіі, якому не было нават 45 гадоў. Чалавек, пра якога сябры казалі: “Гэта быў камень, крышталь, цвёрды і непахісны ідэаліст, гатовы на ўсё, акрамя здрады дзеля кавалка хлеба”.

На фота: настаўнікі Клецкай беларускай гімназіі: дырэктар Рыгор Якубёнак, Мікола Чарнецкі, выкладчык хіміі і біялогіі Вячаслаў Арэнь, матэматык Мікалай Рудакевіч. Клецк, ліпень 1931 г.

 

22.05.2019

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты