Навіны

40 дзён па Канстытуцыі (фота)

Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Мікалай Салянік разам з паплечнікамі 24-га красавіка правялі знакавае жалобнае памінанне пахаванага 40-к дзён таму на сваёй прыватнай тэрыторыі таго экзэмпляра Канстытуцыі, з якім Мікалай Салянік доўгі час з’яўляўся ў судах, у міліцыі і ў іншых уладных кабінетах. Менавіта там кіраўнік гарадзенскай АГП дамагаўся, каб людзі надзеленыя гэтай уладай паводзілі сябе згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, асноўным законам, паводле якога мусяць жыць беларусы. І тыя беларусы, што надзеленыя ўладай, і тыя, што яе не маюць. Усе.

Кажа Мікалай Салянік:

– Пасля таго, як я адчаяўся, што надзеленыя ўладай чыноўнікі будуць свята выконваць Канстытуцыю, а не карыстацца тэлефонным правам ці іншымі меркаваннямі, я быў вымушаны правесці знакавае пахаванне, каб звярнуць увагу грамадскасці на гэтую праблему. А паколькі я не прывучаны кідаць аніводную справу на палове дарогі, то буду і надалей звяртаць на гэта ўвагу, ажно пакуль Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь як асноўны закон не будзе выконвацца кожным.

Скарыстаўшыся з традыцыі памінання на 40-авы дзень, Мікалай Салянік з паплечнікамі паправілі знакавую магілку, пачысцілі камень, аздобілі сцягамі.

– Сорак дзён, гэта калі душа пакідае матэрыяльны свет і ляціць у нябёсы, – растлумачвае Мікалай сэнс сваіх дзеянняў. – Таму гэтая дата сімвалізуе, што раз за 40 дзён гэтая Канстытуцыя нікому не спатрэбілася, уладам каб яе выконваць, іншым каб ёй абараняцца, то сімвалічна адлятае ўсялякая надзея. Буду вельмі рады Ўваскрашэнню. Перакананы, што некалі яно адбудзецца. Ну а зараз прыйдзецца пакуль што жыць без яе.

Спадар Салянік паабяцаў, што хоць і адбылося сімвалічнае пахаванне, наша Канстытуцыя і адтуль будзе нагадваць пра сябе. І ён, як кіраўнік партыйнай структуры, будзе ўвесь час спрыяць гэтаму працэсу.

25.04.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты