Навіны

Канапацкая патрабуе дакументы, якія пацвярджаюць законнасць прац у Курапатах

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая патрабуе ад Міністэрства лясной гаспадаркі і Міністэрства культуры падаць дакументы, якія пацвярджаюць законнасць работ у Курапатах. Адпаведныя дэпутацкія запыты яна накіравала 5 красавіка міністрам лясной гаспадаркі Віталю Дрожжу і культуры Юрыю Бондару.

У першым звароце Канапацкая просіць міністра даць звесткі пра заказчыка работ, іх аб’ём і тэрміны правядзення, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць выкананне заказчыкам патрабаванняў Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У звароце на імя міністра культуры парламентарый таксама запытвае дакументы, якія могуць пацвердзіць патрабаванні дзяржінспекцыі.

У каментары БелаПАН Канапацкая нагадала, што 4 красавіка на месцы падзей запатрабавала ў дырэктара Бараўлянскага спецлясгаса Аляксандра Мірановіча паказаць дакументы, на падставе якіх вядуцца работы, у тым ліку дазвол ад Мінкультуры на іх правядзенне, бо Курапаты з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Аднак ён адмовіўся гэта зрабіць, накіраваўшы яе ў прэс-службу міністэрства.

„Дырэктар лясгаса — чалавек на пасадзе, ён ведае, што пры вытворчасці работ у ахоўнай зоне помніка павінны падпісвацца ахоўныя абавязацельствы, усё ўзгадняецца з Міністэрствам культуры. Мне патрэбныя не словы пра тое, што ўсе працы ўзгодненыя, мне патрэбныя дакументы. Тым больш што іх не аказалася на пляцоўцы, а яны там павінны быць”, — падкрэсліла дэпутат.

4 красавіка ў Курапатах, на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій, па рашэнні ўлад было дэмантавана 70 драўляных мемарыяльных крыжоў, усталяваных у мінулым годзе грамадскімі актывістамі на чале са Зміцерам Дашкевічам. Паводле інфармацыі міліцыі, падчас зносу крыжоў былі затрыманыя 15 чалавек „для высвятлення асобы і правядзення праверкі”. Увечары іх адпусцілі.

Сёння раніцай ва ўрочышчы, дзе сабраліся каля 10 актывістаў, міліцыя зноў затрымала сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца і актывістку Ніну Багінскую.

Дзеянні ўлад у Курапатах таксама асудзілі Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух „За Свабоду”, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Партыя БНФ і Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Рада БНР, Ліберальна-дэмакратычная партыя, рух салідарнасці „Разам”, прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў.

Акрамя Канапацкой сітуацыю ў Курапатах асудзілі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Валерый Варанецкі.

З крытыкай дзеянняў улад выступіў міністр замежных спраў Польшчы Яцак Чапутовіч.

belapan.by Фота

euroradio.fm

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/kanapatskaya-patrabue-dakumenty-yakiya-p/

05.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты