Навіны

На БелАЭС пачалі новы этап запуску першага энергаблока станцыі

На Беларускай АЭС пачаўся першы этап праграмы па ўводзе ў эксплуатацыю першага энергаблока атамнай станцыі, паведамляе прэс-служба кампаніі „АСЭ” (інжынірынгавы дывізіён расейскай дзяржкарпарацыі „Расатам”), якая выступае генеральным падрадчыкам збудавання гэтага ядзерна-энергетычнага аб’екта.

Праграма запуску блокаў складаецца з чатырох этапаў — перадпускавых наладачных работ, фізічнага пуску, энергетычнага пуску і доследна-прамысловай эксплуатацыі.

Зараз спецыялісты займаюцца індывідуальнымі выпрабаваннямі, а таксама тэставаннем абсталявання першага і другога контураў рэактарнай устаноўкі, якія пасля задзейнічаюць у гідраўлічных выпрабаваннях і цыркуляцыйным прамыванні.

Кіраўнік праекта збудавання станцыі віцэ-прэзідэнт „АСЭ” Віталь Палянін адзначыў, што асноўная мэта першага этапу праграмы заключаецца ў „праверцы працаздольнасці на праектных параметрах сістэм і абсталявання рэактарнай устаноўкі энергаблока перад пачаткам загрузкі паліва”. Таксама на гэтым этапе, паводле яго слоў, праводзяцца выпрабаванні герметычнай агароджы будынка рэактара.

У канцы сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Астраўцы (Гарадзенская вобласць) Палянін заяўляў, што зборку рэактара першага энергаблока БелАЭС плануецца завяршыць да канца красавіка.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца летам 2019 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя штогод будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/ekanomika/na-belaes-pachali-novy-etap-zapusku-per/

05.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты