Навіны

Ці будзе заканадаўства прымацца на дзвюх мовах? Мінюст ківае на Парламент

У Дзень роднай мовы група грамадзян з 204 чалавек звярнулася ў Савет Міністраў і Палату прадстаўнікоў з наступнай петыцыяй:

“Прапануем з наступнай сесіі Палаты прадстаўнікоў прымаць усе законы і пастановы на дзвюх дзяржаўных мовах, беларускай і расейскай.
Таксама звяртаемся да Савета міністраў Рэспублікі Беларусь з прапановай на першым этапе вызначыць якія пастановы будуць прымацца і публікавацца на дзвюх мовах і пачаць рабіць гэта з 2 красавіка. 
Гэтыя меры будуць спрыяць пашырэнню выкарыстання беларускай мовы ў нашай дзяржаве сярод дзяржаўных чыноўнікаў, дэпутатаў і радавых грамадзян”.
На зварот, які быў накіраваны ў Савет Міністраў,  атрыманы адказ з Міністэрства юстыцыі ад 22.03.2019 за подпісам першага намесніка Задзірана С.У.
Наконт прыняцця Саветам Міністраў пастаноў на дзвюх мовах гэты дакумент утрымлівае расплыўчатае меркаванне. Маўляў, ёсць праблема аўтэнтычнага перакладу. І ў асобных сферах нарматыўныя прававыя акты прымаюцца пераважна на беларускай мове.
Пры гэтым намеснік Міністра Задзіран С.У. намякае, што калі прыклад прыняцця законаў на дзвюх мовах пакажа Нацыянальны сход, то Савет Міністраў таксама прыме адпаведныя захады.
Адзін з падпісантаў звароту, праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў, пракаментаваў адказ так:
- Мне здаецца, што чыноўнікі значна адсталі ад жыцця. Ну няхай бы разглядалі праблему з пункту гледжання, напрыклад, беларускамоўнага грамадзяніна, якому трэба звярнуцца ў суд са спасылкай на  пастанову Савета Міністраў, якая прынятая на расейскай мове. Дык што, калі ў Савета Міністраў ёсць праблема аўтэнтычнага перакладу, то ў грамадзяніна і ў суддзі, які будзе прымаць рашэнне, яна дзіўным чынам знікае?
Таму прыняцце заканадаўства толькі на адной мове аўтаматычна дыскрымінуе грамадзян, якія карыстаюцца другой, а таксама стварае значныя перашкоды суддзям, адвакатам, пракурорам, супрацоўнікам міліцыі.
Вось і атрымліваецца, што нашы заканадаўчыя і выканаўчыя органы ўлады ў гэтым пытанні ператварылі беларусаў у нацыю хранічна дыскрымінаваных. І чамусьці лічаць гэта нормай, хоць дыскрымінацыя забаронена Канстытуцыяй.

 

Відэа

праваабарончыя сайты