Навіны

101

Ох і люблю я такія лічбы. Люстэркавыя. 101. Пасярэдзіне нуль, а з абодвух бакоў ад таго нуля аднолькавыя лічбы. Нібыта нуль і ёсць люстэркам, у якім з будучага адлюстроўваецца мінулае. Ці наадварот, з мінулага будучыня.

   Менавіта такімі лічбамі матэматыкі тэарэтычна вытлумачваюць узнікненне свету. Узнікненне матэрыі з нічога. Нуль, гэта нічога. І каб з яго зрабіць нешта, прыкладам пяцёрку, трэба з другога боку зрабіць мінус пяць. І тады з нічога ўзнікаюць два паралельных светы ў якіх буяе жыццё, кіпяць жарсці, ідзе змаганне, існуе зло і дабро па гэтакай жа роўнай двухбаковай формуле, і дзе людзі святкуюць стопершую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

   Адзіная ўмова, гэтыя лічбы з аднаго і другога боку ад нуля ніколі не павінна сутыкнуцца паміж сабой фізічна. Бо тады матэрыя і антыматэрыя знішчаюць адна другую, і з двух паралельных светаў атрымліваецца толькі нуль.

   Беларусы пражылі сто гадоў пасля абвяшчэння незалежнасці ў пастаянным змаганні за тую незалежнасць і адстойванні свайго права мець сваю ўласную краіну і называцца асобным народам. Яны выстаялі і адпакутавалі гэтае права. Наступныя сто гадоў будуць перыядам росквіту беларускай нацыянальнай ідэі і беларускай дзяржавы. Час пайшоў. І ўжо бел-чырвона-белыя сцягі і герб “Пагоня” узняліся ў высь і залуналі на святкаванні стопершай гадавіны БНР. 101. Ох і люблю я такія лічбы. Асабліва калі яны тычацца Беларусі.

   У старадаўняй Гародні ў гэты дзень, калі вырашылі азначыць вялікую нацыянальную дату, нават неба было бел-чырвона-белым. Ад сцягоў, канешне ж, якія неслі людзі. Былі вядома ж і такія прадстаўнікі сама інтэлектуальнага віду на Зямлі, якія ў гэтае свята бел-чырвона-белага сцягу прынеслі і свае, партыйныя сімвалы. Ну ды Бог ім суддзя. Хоць нават і партыйная сімволіка ў Беларусі, незалежна ад таго, да якой апазіцыйнай партыі ты належыш, усядно маюць бел-чырвона-белыя адценні, якія паглынаюць усё іншае. І іншыя колеры, і іншыя сімвалы. Ну то вядома ж, беларусы ўсё ж. А якія яшчэ колеры могуць быць у беларусаў?!

   На сцэне гралі вядомыя гурты, спявалі вядомыя выканаўцы, побач весяліліся людзі, якіх па некаторых звестках было больш пяці тысяч. Хацелася б, вядома ж, і пяцьдзесят тысяч, і пяцьсот тысяч, і пяць мільёнаў, і ўсе дзесяць. Ды гэта ўсё на перадзе. У бліжэйшай перспектыве гэта ўсё. Мы ж ужо выйшлі на другую, фінішную, самую імклівую, самую шчаслівую сотню гадоў пасля абвяшчэння БНР. За намі цэлы век. Цэлых сто год толькі ад моманту абвяшчэння ў навейшай гісторыі чалавецтва Беларускай Народнай Рэспублікі! А да гэтага не адна сотня станаўлення і развіцця вялікай беларускай цывілізацыі. Ну а зараз, наперадзе, самая святочная сотня. Час, калі як у люстэрку, праз нуль у лічбавым вызначэнні, мы будзем асэнсоўваць мінлае і будучыню! 101. Добрая дата каб паставіць сабе гэтыя задачы. Добрая і каб іх дасягнуць.  

   Нарэшце гарадзенскі парк ля старадаўняй беларускай святыні Каложскай царквы ажыў. Зараз і гарадзенцы туды пацягнуцца на штодзень, і турысты павалакуцца. І кожны гід ім скажа, што гэта менавіта тое месца, дзе адбылося масавае святкаванне Дня Волі. І прапануе прыехаць наступным годам. Бо яно будзе зноў, толькі яшчэ лепшае і больш масавае. Прыязджайце, маўляў, не пашкадуеце. І піцу купіце, і сувеніры. Усё зроблена і аздоблена арганізатарамі. І дзяцей з сабой прывозьце. Дзіцячая пляцоўка таксама ў вашым распараджэнні. Але галоўнае тое, што вы зможаце, нарэшце, зразумець беларусаў. Паглядзіце на іх! Яны бел-чырвона-белыя, і ніякія іншыя. Вось такія яны, беларусы.

   Шкада што не ўсім на гэтым свеце гэта даходзіць да мазгоў. Мазгі відаць такія, ніякія, або ўвогуле іх няма. Ну то прыйдзецца ўставіць. Ды і грэх крыўдаваць на абдзеленых. Лепш памаліцца за іх.

   Ну а Гародня, дзе азначэння вялікай даты 25-га Сакавіка становіцца традыцыяй, з наступнага году будзе чакаць беларусаў з усяго свету. І з ЗША, і з Канады, і з Аўстраліі і Аргентыны, і безумоўна з Беласточчыны, ну і зразумела, з самой Гародні. І гэта найважней.

   З Святам Ваас, Беларусы!!! З Днём волі!!!

   Жыве Беларусь!!!

   Віктар Сазонаў.

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты