Навіны

Жыхар Смаргоні пра ЛПП: гэта не лячэнне, а выкарыстанне амаль дармовай рабочай сілы

Яшчэ  ў жніўні 2017 года суд Смаргонскага раёна па заяве Смаргонскага РАУС накіраваў жыхара Смаргоні Сяргея Цыркуновіча ў лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) тэрмінам на адзін год.
З рашэннем суда “зацікаўленая асоба” (менавіта так абазначана прававое становішча С. Цыркуновіча ў судовым працэсе) Сяргей Цыркуновіч не пагадзіўся і абскардзіў яго ў абласны суд. У касацыйнай скарзе сваю нязгоду ён абгрунтаваў тым, што накіраваннем у ЛПП парушана гарантаванае Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах яго права на свабоду і асабістую недатыкальнасць (арт. 9);  ён будзе утрымлівацца ў паднявольным стане і выконваць прымусовую працу (арт. 8); утрыманне ў ЛПП – факт прыніжальнага годнасць абыходжання (арт. 7).
Але абласны суд без належнага аналізу дадзеных парушэнняў у задавальненні скаргі адмовіў.
Тым не менш, яшчэ да накіравання ў ЛПП Сяргей Цыркуновіч паспеў падаць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, накіраваўшы яе ў прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь. Але скаргу прадстаўніцтва вярнула. Маўляў, яно не займаецца перасылкай карэспандэнцыі ў Жэневу.
Тым часам Сяргей Цыркуновіч адбыў больш 8 месяцаў у ЛПП і ў 2018 годзе  быў датэрмінова выпушчаны за ўзорныя паводзіны.
Пасля вяртання з гэтай установы пацярпелы звярнуўся да смаргонскага праваабарнцы Алеся Дзергачова. І патлумачыў, што  накіраванне ў ЛПП – гэта не лячэнне, а выкарыстанне хворых у якасці бадай што бясплатнай рабочай сілы. Ніякага лячэння ён не атрымліваў. Ізаляваныя грамадзяне цягам працоўнага дня выкарыстоўваліся  на вытворчасці, а заробленых грошай не заўсёды хапала  на ежу і бытавы патрэбы. Адзінае “лячэнне” – строгая забарона на ўжыванне алкаголю. Парушальнікаў караюць ізаляцыяй у спецыяльнай камеры, а пасля заканчэння тэрміну “лячэння” могуць яго павялічыць. Гэта проста зневажальныя адносіны да чалавека.
З існаваннем такой установы Сяргей Цыркуновіч змірыцца не можа, а таму папрасіў Алеся Дзергачова паўторна падрыхтаваць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.
На гэты раз яна накіравана непасрэдна ў Жэневу. У ёй Сяргей Цыркуновіч просіць канстатаваць парушэнне Рэспублікай Беларусь артыкулаў 7, 8, 9 Міжнароднага Пакта, а таксама рэкамендаваць Рэспубліцы Беларусь адмяніць Закон “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах утрымання ў іх”.

 

 

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты