Навіны

Смаргонскі райсавет выяўляе некампетэнтнасць (дакумент)

Праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў звярнуўся ў раённы Савет дэпутатаў і выканкам з патрабаваннем аднавіць правы, парушаныя рашэннем выканкама ад 25.11.2011 №1046.

На думку заяўніка, сталыя месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў (усяго два на ўвесь раён), вызначаныя гэтым рашэннем, не дазваляюць грамадзянам рэалізаваць правы, прадугледжаныя Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах:права на свабоднае выказванне свайго меркавання, права на мірныя сходы і дыскрымінуе грамадства на карысць райвыканкама.

Паводле адказу ад 20.02.2019 №08-06/Д-21 райвыканкам лічыць магчымым перагледзець сваё рашэнне і абяцае цягам сакавіка зрабіць змены ў пералік месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў.
А вось раённы Савет дэпутатаў, як паведамляе Алесь Дзергачоў, увогуле непрафесійна паставіўся да звароту і зрабіў выгляд, што не зразумеў сутнасці праблемы.
У адказе Савета ад 21.02.2019 №Д-2/02-01, падрыхтаваным дэпутатам ад Крэўскай выбарчай акругі №23 Ганнай Джумковай – начальнікам аддзела райвыканкама па ідэалагічнай працы і справах моладзі), намеснік старшыні Дзмітрый Станкевіч  паведаміў літаральна наступнае: “Ніякіх спасылак для ўнясення змяненняў у прынятае рашэнне Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта ад 28 снежня 2017 №1171 “Аб  некаторых пытаннях інфармавання выбаршчыкаў і перадвыбарчай агітацыі пры падрыхтоўцы да правядзення выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання” няма”.

Але ж у заяве Алеся Дзергачова патрабаванне сфармулявана так: “патрабую вынесці дадзенае пытанне на разгляд адпаведнай пастаяннай камісіі Савета і адмяніць рашэнне Смаргонскга райвыканкама ад 25.11.2011 №1046”. Гэта рашэнне мае назву “Аб вызначэнні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў у г.Смаргонь”. А мінулую выбарчую кампанію заяўнік узгадваў у якасці аргументу таго, што няма патрэбы мінімізаваць у раёне да двух колькасць сталых месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў, бо пад час кампаніі такія мерапрыемствы праводзіліся не ў вызначаных, а адвольна абіраемых кандыдатамі месцах. І гэта не стварала небяспекі грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва.

Алесь Дзергачоў падкрэсліў, што Савет чамусьці не разумее, што ставіць пытанне аб унясенні зменаў у рашэнне №1171, звязанае з мінулымі выбарамі, было б проста бессэнсоўна, бо яно разавага дзеяння, то бок абмежавана рамкамі адной выбарчай кампаніі.

 

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты